+375 (17) 272-06-08
Написать письмо
Главная Новости
02.04.2020

У мінскай бібліятэцы праходзяць віктарыны для дзяцей паводле кніг серыі «Таямніцы беларускай мовы»

У мінскай бібліятэцы праходзяць віктарыны для дзяцей паводле кніг серыі «Таямніцы беларускай мовы»

Мінская дзіцячая бібліятэка №6 імя Васіля Віткі распачала новы цыкл экспрэс-віктарын для ўсіх, хто хоча праверыць і палепшыць сваё валоданне роднай мовай.Рознабаковыя пытанні для інтэлектуальнай гульні бібліятэкары ўзялі з серыі кніг «Таямніцы беларускай мовы» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».


Кожнае выданне ўнікальнай серыі, заснаванай у 2017 годзе з мэтай папулярызацыі роднай мовы сярод малодшых школьнікаў, – своеасаблівы квэст з карыснай інфармацыяй і займальнымі заданнямі. З дапамогай кнігі «Этыкет па-беларуску» маленькія чытачы даведаюцца, як правільна вітацца і развітвацца па-беларуску ў залежнасці ад часу дня, як адказаць на падзяку або папрасіць кагосьці нешта зрабіць, якія моўныя канструкцыі ўласцівы роднай мове, а якіх лепш пазбягаць. З кнігі «Беларуская мова сярод моў свету» чытачы даведаюцца, адкуль пайшла наша родная мова, якое месца яна займае сярод моў свету, з якімі мовамі мае сваяцкія стасункі. Кніга «Літары-пярэваратні: аканне-яканне» прысвечана арфаграфічным сакрэтам пераходу адных літар у іншыя і законам, па якіх гэты пераход адбываецца. На старонках выдання «Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар» кемлівы чытач знойдзе шмат цікавай інфармацыі з гісторыі з’яўлення літар, іх напісання і ўжывання, а пра навуку, якая займаецца вывучэннем націска і яго маўленчых адзінках раскажа кніга «Сцiслы аповед пра сцiплы знак: нацiск».


Першыя ўдзельнікі ўжо праверылі свае веды, дазналіся шмат цікавага пра безэквівалентную лексіку беларускай мовы і атрымалі прыемныя падарункі ад выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Штотыднёва «Разумны Парсючок» будзе прапаноўваць чытачам бібліятэкі новыя пытанні і заданні.


.