+375 (17) 272-06-08
Написать письмо
Главная Новости
25.11.2020

Персанальнаму энцыклапедычнаму даведніку Караткевіча — быць!














26 лістапада 2020 года спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Яго творы  карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод чытачоў і маюць значны попыт у пакупнікоў. І не дзіва. Уладзімір Караткевіч праз свае творы здолеў абудзіць народную памяць, годнасць беларусаў, пашану да нашага гістарычнага мінулага, роднай мовы. Як пісьменнік ён пранікаў у дух эпохі, паказваў колішняе жыццё, не змяняючы яго, з пазіцыі сучасных рэалій. На сёння ўжо выдадзены 8-томны збор твораў Караткевіча, у працэсе выдання знаходзіцца збор у 25 тамах, выходзяць кнігі ўспамінаў пра пісьменніка. Але, на жаль, пакуль не існавала паўнавартаснага энцыклапедычнага выдання аб гэтай выбітнай асобе, у якім можна было б знайсці адразу інфармацыю пра творы пісьменніка, яго акружэнне, сяброў, тых, хто аказаў уплыў на яго творчасць, а таксама аб сучасных паэтах і празаіках, мастаках, якіх натхняюць творы Караткевіча.


Энцыклапедычны даведнік «Уладзімір Караткевіч» павінен запоўніць гэту нішу. Пад адной вокладкай змешчана каля 1000 артыкулаў, якія тычацца жыцця і творчасці пісьменніка. Яны прысвечаны блізкім і родным, людзям, якія мелі стасункі з ім, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тым, для каго постаць і творчасць класіка сталі сапраўднай крыніцай натхнення. Увайшлі ў даведнік і літаратуразнаўчыя артыкулы па раманах і аповесцях, найбольш значных нарысах У. Караткевіча, падрабязна разглядаюцца мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў майстар, апісваюцца месцы, дзе бываў Караткевіч, сустракаўся са сваімі сябрамі, натхняўся на новыя творы. Некаторыя артыкулы ў будучым могуць стаць паўнавартаснай тэмай для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, студэнты змогуць выкарыстаць іх для напісання курсавой працы, настаўнікі знойдуць шмат карыснай інфармацыі для падрыхтоўкі ўрокаў, а вучні — дадатковы матэрыял для атрымання высокай адзнакі.


Дарэчы, наша выдавецтва ўжо мае вопыт падрыхтоўкі такіх кніг. Некалькі гадоў таму была падрыхтавана трохтомная персанальная энцыклапедыя “Янка Купала”, якраз да 135-годдзя з дня нараджэння класіка. Выданне было ўхвалена чытачамі і ў 2019 годзе атрымала Гран-пры XVI Міжнароднага конкурсу дзяржаў-удзельніц СНД «Мастацтва кнігі».


У падрыхтоўцы энцыклапедычнага даведніка «Уладзімір Караткевіч» узялі ўдзел навукоўцы вядучых ВНУ краіны, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, журналісты-краязнаўцы Уладзімір Барысенка, Сяргей Галоўка і інш.  У даведніку будзе змешчана шмат ілюстрацый. Гэта і фотаздымкі з архіваў Беларусі і асабістых архіваў нашых аўтараў, рэпрадукцыі жывапісных і графічных работ, прысвечаных асобе У. Караткевіча, звязаныя з мясцінамі, дзе ён бываў.














Энцыклапедычны даведнік «Уладзімір Караткевіч» — своеасаблівая шчырая падзяка класіку беларускай літаратуры, творчасць якога, як зазначыў у свой час А. Адамовіч, запоўніла «прорву паміж дзіцячай, нават маладзёжнай аўдыторыяй, і літаратурай для дарослых» і які сам «заняўся сур’ёзна тым, што зрабіў у Англіі Вальтэр Скот, у Расіі Лажэчнікаў і Загоскін».

І, канешне, які юбілей без падарункаў.

Усім, хто зробіць перадзаказ кнігі, выдавецтва падорыць блок для запісаў з трапнымі цытатамі У.С. Караткевіча.

 

Заказ магчымы: www.bel-en.by

Наш Е-mail: bel-en@bel-en.by

.