+375 (17) 272-06-08
Написать письмо
Главная Новости
29.07.2020

Кнігі для дзяцей Віктара Кажуры


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла новая кніга беларускага паэта Віктара Кажуры «Слоўца да слоўца: амонімы для пачатковай школы», якая адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту.

Багацце нашай мовы, якое называецца Лексікай, – невычэрпная крыніца, якая дорыць словы-самацветы для  стварэння незвычайных карцін, замалёвак, прыгод. Толькі варта вельмі ўважліва паставіцца да Слова.

У кнізе сабраны невялічкія рыфмаванкі, якія дапамогуць пазнаёміцца, зразумець і засвоіць раздзел лексікі, які вывучае амонімы, –  словы, што гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне.

Пасля знаёмства з кнігай дзецям прапануецца стварыць уласныя замалёўкі-рыфмаванкі з самастойна адшуканымі амонімімі.

Малюнкі-ілюстрацыі да кнігі падрыхтаваны мастачкай Таццянай Пінчук.

 













У 2020 годзе выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» таксама выпушчаны яшчэ дзве кнігі Віктара Кажуры.

 

«ПАКАЦІЛАСЯ СОНЕЙКА… ВЕРШЫ І ЗАГАДКІ ПРА МЕСЯЦЫ ГОДА»

Кожная пара года непаўторная. Зімой – гэта танец сняжынак, вясной – першыя падснежнікі і прылёт птушак, летам – яркае сонейка і салодкія ягады, а восенню – шматкаляровае ўбранне прыроды. Па-свойму ўнікальныя і 12 месяцаў, з якіх складаюцца чатыры пары года. На старонках маляўнічага выдання змешчаны вершы, прымаўкі і загадкі пра месяцы года, а таксама прапануюцца займальныя заданні.















Кніга «Пакацілася сонейка… Вершы і загадкі пра месяцы года» ўключана ў спіс твораў для пазакласнага чытання ў 4 класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання па вучэбным прадмеце «Літаратурнае чытанне», рэкамендаваны вучэбнай праграмай.

 

«АЗБУКА Ў ЗАГАДКАХ»

Кніга адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту і  прапануецца для выкарыстання на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах агульнаадукацыйных школ. «Азбука ў загадках» – гэта захапляльны свет, населены разнастайнымі раслінамі і жывёламі, прыгожымі прыроднымі з’явамі і казачнымі героямі. Што ні старонка – то новыя загадкі, якія пачынаюцца на пэўную літару. А ў якасці падказак выкарыстоўваюцца лексічныя значэнні слоў. Адгадкі таксама ёсць, але назіральнаму чытачу не абавязкова падглядваць у іх: адказы схаваны ў маляўнічых выявах, падрыхтаваных маладой мастачкай Марыяй Мароз.



  Матэрыял кнігі не толькі мастацка-пазнавальны, але і навучальна-развіваючы, бо:

- дазваляе паўтараць і замацоўваць веданне беларускага алфавіта;

- узбагачае лексічны запас вучня;

- выпрацоўвае навыкі перакладу з беларускай мовы на рускую;

- развівае паэтычна-творчыя здольнасці дзіцяці, дапамагае  адчуваць рытм вершаваных радкоў, падбіраць неабходныя словы-рыфмы;

- садзейнічае развіццю каліграфічных уменняў на ўроках чыстапісання;

- можа выкарыстоўвацца падчас вывучэння тэмы «Склад. Падзел слоў на склад».

Глядзіце новы буктрэйлер:





.