Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Традыцыйная беларуская вышыўка

Альбом “Традыцыйная беларуская вышыўка”
Год выдання:    2016
Старонак:    60
Пераплёт і старонкі:    Картон, мелоўка, глянец
Фармат:    52×72 1/4   (25,5см х 34,5см)
ISBN:    978-985-11-0946-9
Мова:    Беларуская
18 руб. 64 к.
Традыцыйная вышыўка — адна з яркіх праяў беларускага народнага мастацтва. Тканым і вышываным арнаментам багата аздаблялася адзенне — кашулі, фартухі, наміткі, а таксама рытуальныя тканіны і побытавы тэкстыль. Аздабленне адзення чырвоным арнаментам выконвала не толькі эстэтычную функцыю, але і сведчыла пра статус і паходжанне чалавека. Асабліва вытанчана і багата ўпрыгожваліся святочныя строі, якія вымаліся з куфра толькі на ўрачыстыя падзеі. Менавіта таму да нашых дзён захаваліся выдатныя прыклады майстэрства традыцыйнай вышыўкі.
Са з’яўленнем больш танных і яркіх фабрычных тканін, а таксама пад уплывам гарадской моды традыцыйны святочны строй паступова сышоў у нябыт. Сёння пабачыць аўтэнтычны народны касцюм можна хіба што ў музеі. Аднак тканыя і вышытыя рэчы ўсё яшчэ сустракаюцца ў інтэр’еры вясковых хат: посцілкі, ручнікі-набожнікі, разнастайныя дываны і палавікі. На хвалі цікаўнасці грамадства да сваіх гістарычных каранёў, да традыцыйнай культуры і нацыянальнага самаўсведамлення беларускі народны строй аднаўляе сваё існаванне ў асяродку свят, мастацкіх акцый, музычных праектаў… Усё больш маладых людзей апранаюць традыцыйныя строі на вяселле, многія імкнуцца мець у сваім гардэробе адзенне з нацыянальным каларытам.
У гэтым выданні сабраны выявы аўтэнтычных тэкстыльных вырабаў, якія з’яўляюцца часткай этнаграфічнай калекцыі Рэспубліканскай маладзёжнай грамадскай арганізацыі «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» (СЭТ). На працягу 20 гадоў арганізацыя ладзіць экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі і яе памежжа. У калекцыі СЭТ каля 1000 адзінак тэкстыльных вырабаў, побытавыя рэчы, рамесніцкі рыштунак. З 2014 года «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» з’яўляецца акрэдытаванай установай пры ЮНЕСКА як кансультант па пытаннях нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. У склад СЭТ уваходзяць этнографы, майстры і зацікаўленая моладзь, якія імкнуцца захаваць беларускую традыцыйную культуру і актуалізуюць яе ў сучасным гарадскім асяроддзі. Мэтай дзейнасці СЭТ з’яўляецца не толькі фіксацыя этнаграфічных звестак аб фальклоры і рамёствах, але і прымяненне іх на практыцы.
Выданне ілюструе найбольш пашыраныя тэхнікі народнай вышыўкі: процяг, крыжык, гладзь і іншыя дэкаратыўныя швы. У альбоме змешчаны фотаздымкі вышытых прадметаў адзення і побытавых рэчаў, схемы арнаментаў, якімі яны аздоблены. Яны будуць карысныя тым, хто пачынае знаёміцца з традыцыйнай беларускай вышыўкай і спрабуе вышываць самастойна, а таксама дасведчаным майстрам, мастакам, дызайнерам. Схемы вышыўкі могуць быць выкарыстаны для стварэння рэплікі прадмета, а таксама для аздаблення тэкстыльных рэчаў. На схемах графічна перадаюцца характар і кірунак шыўка, яго маштаб у адносінах да перапляцення нітак тканіны.
Аўтары выдання — сябры «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства», майстры-практыкі са шматгадовым вопытам, якія навучаліся традыцыйным тэхнікам вышыўкі, арыентуючыся непасрэдна на аўтэнтычныя вырабы. На іх рахунку — сотні вышытых кашуль, тканых паясоў і народных строяў.
развернуть описание свернуть описание
Вы можете найти эту страницу по следующему адресу: https://www.bel-en.by/ru/production-ru/getElement/53
© УП "Издательство "Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки", 2020
пер. Калинина, 16, 220012, г. Минск, Республика Беларусь
Разработка сайта БелТА