.
+375 (17) 272-06-08
Написать письмо
Главная Новости
13.03.2020

У мінскай кнігарні «Дом кнігі «Светач» адбылася святочная імпрэза, прысвечаная кніжнаму свету Берасцейшчыны

У мінскай кнігарні «Дом кнігі «Светач» адбылася святочная імпрэза, прысвечаная кніжнаму свету Берасцейшчыны

У кнігарні «Дом кнігі «Светач» 11 сакавіка адбылася святочная імпрэза «Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына», на якой расказалі аб лепшых, найбольш адметных кнігах, якія ў 2019 годзе і раней сталі сапраўднымі падзеямі, знайшлі шырокі водгук сярод чытачоў, аказаліся запатрабаванымі і да 1000-годдзя Брэста, і ўвогуле ў справе вывучэння гісторыі роднага краю.


Вядучымі святочнай імпрэзы выступілі дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна і дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт і пісьменнік Алесь Бадак.


Пляцоўка кнігарні сабрала разам кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў, фотамастакоў, прадстаўнікоў інстытутаў улады і грамадскасці з Брэста і Брэсцкай вобласці.


С прывітальнымі словамі выступілі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, першы намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вадзім Краўчук і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вадзім Ляўковіч.


Доктар гістарычных навук, загадчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, прафесар Аляксандр Вабішчэвіч прэзентаваў юбілейнае выданне «Брест. Брэст. Brest. 1000», якое выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».  Кніга прысвечана 1000-годдзю Брэста − аднаго з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і распаўсюджванні гэтага выдання, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі быў узнагароджаны Вадзім Краўчук.


Намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша прэзентаваў гасцям «Берасцейскую Біблію» − сапраўдны шэдэўр беларускага кнігадрукавання!

Была прэзентавана таксама кніга-манаграфія «Асэнсаванне шэдэўра. Берасцейская Біблія», якая выйшла з друку напярэдадні адкрыцця XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У кнізе змешчаны ўсе цікавыя звесткі пра шэдэўр беларускага кнігадрукавання, які пабачыў свет у Брэсцкай друкарні ў 1563 годзе.


Вядомы беларускі пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк прэзентаваў фотаальбом «Кветкавы край Беларусі», які прысвечаны Давыд-Гарадку. Фотаальбом распачаў новую серыю выданняў аб унікальных мясцінах Беларусі пад назвай «Зберагчы роднае».Кніга падрыхтавана і выдадзена ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа».


Пад час імпрэзы гучалі вершы ў выкананні беларускіх паэтаў, а таксама песні на гэтыя вершы. Так беларускі кампазітар Алег Елісеенкаў выканаў песню на словы Алеся Бадака  «Добрыя людзі».


Калектыў «Грамніцы» з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў праспяваў для гасцей народныя песні, запісаныя ў вёсцы Лобча Лунінецкага раёна.


У імпрэзе таксама прынялі ўдзел краязнаўцы, якія вядуць вялікую карпатлівую работу па вывучэнні і даследаванні гісторыі роднага краю.


Так брэсцкі гісторык і краязнавец Валерый Мароз прэзентаваў кнігу «Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры». Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».У выданні на падставе шырокага кола крыніц была зроблена спроба гістарычнай рэканструкцыі працэсу будаўніцтва і разбурэння драўляных святынь Берасцейшчыны ў 10−21 стагоддзях.

Пад час імпрэзы ішла размова і пра сусветна вядомы Нацыянальны парк «Белавежская пушча», які натхняў і натхняе многіх творчых людзей на стварэнне ўнікальных твораў мастацтва. Дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын прэзентаваў 2 кнігі, прысвечаныя гэтаму старажытнаму лесу − «Беловежское диво» і «Царские охоты в Беловежской пуще. Страницы истории».

Адзін з аўтараў − беларускі арнітолаг, навуковец Мікалай Чэркас − больш падрабязна расказаў, як ствараліся кнігі аб жамчужыне Берасцейскага краю і ўсёй Беларусі.

За значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай краязнаўчай літаратуры Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны гісторык, пісьменнік, краязнавец Валерый Мароз, гісторык, пісьменнік, краязнавец Анатоль Бензярук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, гісторык, пісьменнік, краязнавец Анатоль Гладышчук, гісторык, краязнавец Леанід Несцярчук.

Вершы класікаў Берасцейшчыны гучалі ў выкананні супрацоўніцы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.

Беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў свой праект «У пошуках страчанага», які карыстаецца вялікай папулярнасцю як у нашай краіне, так і за мяжой.


Свае вершы прачытала і вядомая беларуская пісьменніца і паэтэса Раіса Баравікова.


Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марына Васько адзначыла, што на Берасцейскай зямлі ёсць шмат выдатных аўтараў, любоў да якіх прывівае Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.

Арганізатарамі імпрэзы выступілі ААТ «Белкніга», выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», выдавецтва «Мастацкая літаратура», Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

 

Фота: Яна Сабіна.

Крыніца: па матэрыялах belkniga.by.