.
+375 (17) 272-06-08
Написать письмо
Главная Новости
25.11.2019

Кнігу для дзяцей «Этыкет па-беларуску» прэзентавалі ў Мінску

Кнігу для дзяцей «Этыкет па-беларуску» прэзентавалі ў Мінску

У кнігарні «Дом кнігі «Светач» 22 лістапада адбылася прэзентацыя новай кнігі «Этыкет па-беларуску» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Навінка ўбачыла свет у серыі «Таямніцы беларускай мовы» і падыходзіць для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.


Аўтар кнігі − мнагадзетны бацька, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, галоўны рэдактар інфармацыйна-метадычнага сайта для настаўнікаў пачатковых класаў і бацькоў малодшых школьнікаў 1-4.by Сяргей Зелянко. На прэзентацыі ён адзначыў, што беларуская мова − мова багатая на словы і выразы, якія дапамагаюць у любой жыццёвай сітуацыі паводзіць сябе згодна з маўленчым этыкетам, заставацца выхаваным і тактоўным чалавекам:

− З дапамогай кнігі маленькія чытачы даведаюцца, як правільна прывітацца і развітацца па-беларуску ў залежнасці ад часу дня, як адказаць на падзяку або папрасіць кагосьці нешта зрабіць, якія моўныя канструкцыі ўласцівы роднай мове, а якіх лепш пазбягаць. Выданне змяшчае цікавыя звесткі з гісторыі этыкету, а таксама займальныя заданні.


У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна, загадчыца рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі выдавецтва Вольга Давідовіч, намеснік дэкана факультэта пачатковай адукацыі Ірына Буторына, студэнты факультэта журналістыкі БДУ і факультэта пачатковай адукацыі БДПУ ім. М. Танка.


Сёлета ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшлі яшчэ дзве кнігі Сяргея Зелянко ў серыі «Таямніцы беларускай мовы». Кніга «Літары-пярэваратні: аканне-яканне» прысвечана арфаграфічным сакрэтам пераходу адных літар у іншыя і законам, па якіх гэты пераход адбываецца. На старонках кнігі «Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар» кемлівы чытач знойдзе шмат цікавай інфармацыі з гісторыі з’яўлення літар, іх напісання і ўжывання, а таксама дазнаецца, якія з іх асабліва ўшанаваны ў Беларусі.









Фото: Яна Сабина